?

Log in

Папярэдні запіс | Наступны запіс

І-і-і чарговы дзень нараджэння аднаго з нешматлікіх ічыбанаў ад літаратуры ў кхм аўтора гэтага ЖЖ. Як нехта недзе сказаў, у імянінніка афігенны нават юнацкі кіч, і хай гэты чалавек будзе здаровы за прамоўленую чыстую праўду. Калі многае літаратуразнаўства ўжо, на жаль, выклікае ў мяне многія скрухі і рэакцыю "фі, унясіце", то з перакладамі гэтага яшчэ не здарылася, чаму не магу не парадавацца і не ўспомніць словам удзячнасці прайдзісвета, які дапамог "ПрайдзіСвету" завяршыць гештальт пад умоўнай назвай "даеш Гумілёва ў кожны конкурс". Са скрухай вымушаная ўспомніць, што аднойчы рэдактар неабачліва сказаў: "Пакуль хтосьці не перакладзе так, што можна будзе павесіць, быць Мікалаю Сцяпанавічу ППП (пераходным пракляццем перакладчыка)". А раз сказаў, трэба хацець, каб спраўдзілася. Арыгіналы ўжо вешаліся, пераклад на польскую ўжо вешаўся (тык), час дайсці да Беларусі. Więc pijmy wino, szwoleżerowie! Ура!

Возера Чад

На загадкавым возеры Чад,
Дзе старыя растуць баабабы,
За світальны імчаць далягляд
На разьблёных фелуках арабы.
У лясах ля яго берагоў,
І ў гарах, і ў даліне панурай
Ушаноўваюць дзіўных багоў
Дзевы-жрыцы з эбенавай скурай.

Маім мужам быў магутны правадыр,
Бацькам — Чад найвелічны і ўладны.
Ад мяне адной у час дажджоў кумір
Дар з прыхільнасцю прымаў абрадны.
І казалі, што за ўсіх жанчын
Я святлейшая ў мясцінах гэтых,
І заўжды на шыі быў бурштын,
І заўжды блішчалі бранзалеты.

Моцны целам, духам смелы
Быў чужынец — воін белы, —
Як сапраўдны правадыр.
Сэрца адамкнула дзверы,
І не знала болей меры,
І забыла сэрца мір.
Белы мовіў, што наўрад ці
Ёсць у Францыі багацці,
Роўныя маёй красе,
І як толькі дзень растане,
Больш не ўбачаць нас у стане —
Конь-бербер нас панясе.

Муж мой даганяў нас з лукам,
Прамінаў лясныя нетры,
Пераскокваў праз карчагі,
Плыў праз вусцішныя рэкі —
І смяротным здаўся мукам,
І застаўся злому ветру
Труп шалёнага бадзягі,
Зганьбаванага навекі.

А на хуткім і моцным вярблюдзе,
Патанаючы ў марах аб цудзе,
На ядвабе і шкурах звярыных
Я на поўнач, як птушка, імчала
І дзівосны свой веер ламала
У лятунках аб шчасных хвілінах.
Расхінала я полаг употай
Залатога, як сонца, намёта,
Пазірала ў акно з захапленнем
І глядзела, як танчыць праменне
У блакітных вачах еўрапейца.

А цяпер, як мёртвая смакоўніца,
У якой лісты ўсе абляцелі,
Непатрэбна-нуднай палюбоўніцай
Я, як рэч, пакінута ў Марсэлі.
Ходзячы ў партах нагамі босымі,
Самым гнюсным я слугую ўцехам,
Танчу я між п’янымі матросамі,
І яны бяруць мяне са смехам.
Кволы розум мой бядой зняможаны,
Перад зрокам згаслым свет віруе...
Клікаць смерць? Але ў палях няходжаных —
Муж мой. Ён чакае й не даруе.

пераклад з рускай вось гэтага транслатора