?

Log in

Няма майстэрні летам, дык хоць перасоўная. :)

Кшыштаф Каміль Бачыньскі

***
Восень – падзенне з галінаў зор,
лісця змяіная мова.
Возіць каўчэг праз рачны прастор
ссечаных поўняў галовы.

Іхтыязаўрамі ў згаслы час
трунаў паўзуць кагорты;
падае неба, і слепіць бляск
белыя вочы мёртвых.

А ён занураны ў сон цяжкі –
каменны, як века урны;
бачыць замшэлыя ледавікі,
а думае – гэта труны.

1941

АрыгіналCollapse )

Адна скрушная элегія

Шатландцы гэты жанр (яшчэ ён называецца псеўдаэлегія) надзвычай любяць. Усім выглядам паказваюць, што тужаць страшна, а самі...
Гэта ранні верш Фэргюсана, напісаў ён яго ў 15 гадоў. Тут ён яшчэ не выявіў напоўніцу свой разухабісты шатландскі карахцер, як у одзе вустрыцам, але ягоная парочная натура ўжо бачная. Прынамсі, у арыгінале :)

Роберт Фэргюсан (1750–1774)

Элегія на смерць містэра Дэвіда Грэгары, прафесара матэматыкі Сэнт-Эндрускага універсітэта

Заплачце ўсе дэканы разам
Над жаласным паэта сказам:
Аддадзеныя мы паразам
На доўгі час,
Бо Грэгары нябёс наказам
Пакінуў нас.

Студэнтаў лёс – рыдаць зацята,
Што Грэгары быў смерцю ўзяты;
Цяжкою будзе ведаў страта,
Малым – запас,
Бо той, хто даў іх нам багата,
Пакінуў нас.

Ён два і два складаў нядрэнна
І з віртуознасцю нязменнай
Два пункты у прамую мгненна
Злучаў не раз.
Эўклід наш, розумам нятленны,
Пакінуў нас!

Ён ведаў алгебры каноны
І ўсе прапорцыяў законы;
З трох корань вылічыў з разгону
І там захрас.
Ах, найвыдатнейшы вучоны
Пакінуў нас!

Ён фізік быў і архітэктар,
Чытаў пра спектр і пра сектар,
І нам перадаваў наш лектар
Святы экстаз.
Хто ў геаметрыі быў Гектар,
Пакінуў нас.

Лупнуўшы мяч разоў з дзесятак,
Мы чулі гыркат — і ў дадатак
Пагрозы ўслед мільганню пятак:
“Ужо я вас!..”
Не бегаем мы болей – статак
Цяпер у нас.

Давайце ж узнясем маленні,
Каб сон не агарталі цені,
Каб грэшніку далі збавенне,
Пусціўшы ў рай.
Спі, Грэгары, да ўваскрасення
І не ўставай! 

АрыгіналCollapse )

Tags: